
У маі Краязнаўчы музей сустракаў школьнікаў горада Полацка на музейна-педагагічных занятках «У абарону сваёй зямлі». Чацвёртакласнікі здзейснілі сапраўднае падарожжа скрозь стагоддзі, поўнае адкрыццяў.
Дзеці «сустрэліся» з князем полацкім Уладзімірам, пад кіраўніцтвам якога дружыны горада адбівалі націск крыжакоў. Падчас заняткаў разам з музейным супрацоўнікам яны вывучылі абарончыя збудаванні Полацкага замка, дэталёва разгледзелі зброю мінулых эпох і нават дакрануліся да гісторыі, патрымаўшы ў руках навершша баявой булавы.
У зале, дзе застылі водгаласы вайны 1812 года, вучні чацвёртых класаў паразважалі над пытаннямі: чаму салдаты той эпохі адмовіліся ад цяжкіх металічных даспехаў, як паўплывалі кровапралітныя бітвы на Полаччыне на вынік той вайны? Супрацоўнік музея распавёў школьнікам і пра партызан з вёскі Жарцы, чыя адвага стала сімвалам народнага супраціву.
Падчас імправізаванага падарожжа дзеці наведалі экспазіцыю на другім паверсе, прысвечаную трагічным падзеям Першай сусветнай вайны. Чацвёртакласнікі даведаліся аб новых відах зброі, якая шырока выкарыстоўвалася ў тыя гады, таксама абмеркавалі з музейным супрацоўнікам няпростае жыццё палачан пад прыгнётам нямецкай акупацыі ў 1918 годзе.
Напрыканцы занятку дзеці падзяліліся на дзве каманды і пазмагаліся ў інтэлектуальнай бітве, разгадваючы філворд, складзены з паняццяў, імёнаў і назваў прадметаў, з якімі яны пазнаёміліся падчас гэтага цікавага падарожжа ў мінулае.